САБО́РНАЕ ЎЛАЖЭ́ННЕ 1649,
першы друкаваны помнік заканадаўства Рас. дзяржавы, які адлюстраваў эвалюцыю сац.-паліт. ладу краіны ад саслоўна-прадстаўнічай манархіі да абсалютызму. Распрацавана камісіяй на чале з кн. М.І.Адоеўскім, прынята 8.2.1649 Земскім саборам 1648—49. Складаецца з 25 глаў і 967 артыкулаў. Рэгламентавала пытанні дзярж., маёмаснага і крымін. (асабліва цяжкія пакаранні за злачынствы супраць цара і баяр) права, судаводства. Стварала ўмовы для сцірання межаў паміж памеснай і вотчыннай формамі зямельнай уласнасці.
Пасадскае насельніцтва, у т. л. са свабодных раней ад цягла «белых» слабод, вылучалася ў асобны стан пасадскіх людзей і прымацоўвалася да пасадаў. С.ў. канчаткова аформіла прыгоннае права праз увядзенне бестэрміновага вышуку збеглых сялян. Крыніцы С.ў.: Кормчыя кнігі, Судзебнік 1550, Указныя кнігі прыказаў, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 і інш. С.ў. ідзе ўслед за Статутам ВКЛ у структуры і падборы казусаў, часам дае даслоўныя вытрымкі з яго. Дзейнічала да 1830-х г.
Публ.:
Соборное уложение 1649 г.: Текст, коммент. Л., 1987.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Епифанов П.П. Соборное уложение 1649 г. М., 1961.
Г.В.Прыбытка.
т. 14, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)